I "Наша мінуўшчына”
Раздзел падзелены на дзве тэматычныя часткі:
1)Рэчы і дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю сям’і памешчыкаў Дараганаў, з гісторыяй пабудовы чыгункі ад Асіповіч да Старых Дарог.2)Жыццё і побыт беларускага сялянства ў канцы XIX-пачатку XX стагоддзяў.
У першай частцы размешчаны рэчы, якія былі выраблены сталярамі памешчыкаў Дараганаў пад кіраўніцтвам майстра Зомбера і падараваны Л.Ф.Дараган сваім пакаёўкам: Салянскай і Дражнюк. Гэта – разны буфет, столік і два крэслы, пераплеценыя ратангам. Знаходзіцца тут і славутая яловая палка для хадзьбы з маёнтка Восіпа Дарагана. Захоўваюцца ў гэтым раздзеле некалькі цаглін з завода Розенберга з Бабруйска і кафля з завода Альфяровіча з Палтавы, якія выкарыстоўваліся для пабудовы маёнтка ў Крынках. Экспануецца адзенне, стылізаванае пад пачатак XX cт.; чыгуначны звон, які вісеў на станцыі Дараганава да 1976 г.; марцірка ХVIIIст., з якой некалі памешчыкі наладжвалі святочныя феерверкі; дакументы, карты пачатку ХХ ст. Нядаўна гэты раздзел музея папоўніўся рэдкімі экспанатамі: дагаворам арэнды 1914 года, які заключылі паміж сабой павераны тайнага саветніка Івана Фёдаравіча Дарагана Зімель Л.А. і селянін Сіманавіцкай воласці Я.А.Пазднякоў на арэнду пляца зямлі ў г.Асіповічы Бабруйскага уезда; круглым металічным знакам з выявай герба Радзівілаў, якім належала наша зямля з 1600г. Апошні паступіўшы ў гэты раздзел экспанат – бюст Восіпа Дарагана, які выразаў з ліпы сын доктара філалагічных навук, выпускніцы нашай школы Г.П. Тварановіч-Сеўрук – кандыдат геаграфічных навук Даніла Тварановіч – Сеўрук. Свой падарунак ён прымеркаваў да вечара сустрэчы выпускнікоў у 2015 годзе.
Другая частка значна большая. У ёй сабраны экспанаты, якія характарызуюць працу, быт і адпачынак сялян у ХIX-першай палове XXстст. Гэта прылады працы, прадметы побыту, нацыянальнае адзенне. Па ўзорах нацыянальнага адзення з экспазіцыі Дараганаўскага краязнаўчага музея, быў створаны асіповіцкі строй, які прадстаўляў наш раён у 2008 г. на абласным семінары “Нацыянальнае адзенне Магілёўскай вобласці”. Стварылі касцюм майстры з раённага цэнтра традыцыйных промыслаў пад кіраўніцтвам Аляксандры Рыбак, а прадстаўляў яго на семінары народны ансамбль “Вяселле” Каўгарскага сельскага клуба. І касцюм , і абарона яго атрымалі першае месца ў вобласці. У 2009 г. Асіповіцкаму цэнтру народных промыслаў была аказана метадычная дапамога па стварэнню ўзораў на паясах для нацыянальнага касцюма Асіповіцкага раёна. Вытканыя паясы сталі пераможцамі ў Магілёўскай вобласці.
Знаходзяцца ў гэтай частцы раздзела “Наша мінуўшчына” драўляная саха, драўляныя і каменныя жорны, кросны на каркасе і на козлах, стацыянарны гліняны лучнік. У нашай мясцовасці такі лучнік называецца – светач, перасвет.
У 2013 годзе экспазіцыя раздзела папоўнілася 50-цю экспанатамі, 34 з якіх падаравалі Шчэрба А.Р. і Пякуцька М.А. Апошнія паступленні ў гэты раздзел:ручны бязмен, падараны Кірдуном А. А., саматканыя дарожкі для падлогі, таптуха – прылада для лоўлі рыбы. Гэтыя экспанаты перадала жыхарка в.Дараганава Кірдун Г.А. Жыхар в.Крынка Мірановіч Я.П. перадаў дзве самаробныя плеценыя карзіны з лазы, якія папоўнілі экспазіцыю гэтага раздзела.
Экспазіцыя раздзела выкарыстоўваецца не толькі для правядзення экскурсій, але і для музейных урокаў, фотасесій удзельнікаў народных ансамбляў раёна, для запісаў іх у тэлеперадачах.
I I "П р ы р о д а р о д н а г а к р а ю”
У раздзеле “Прырода роднага краю” прадстаўлены флора і фауна нашага рэгіёна. У экспазіцыі размешчаны калекцыі насякомых, лекавых раслін, значная колькасць чучалаў птушак і жывёл ( дзік, алені, бабёр, барсук, тхор, норка, вавёркі, заяц, трус, арлы, чайкі, лысуха, турухтан, сойка і іншыя). Асобна выдзелены куток “Бортніцтва ў нашым краі”, які ў апошні час папоўніўся цікавымі экспанатамі: драўлянай медагонкай і самаробным дымакурам, зробленым з сумкі нямецкага працівагаза; экспануецца бівень маманта з гранітнага кар’ера ў Мікашэвічах; каменныя сякеры, рубілы, крэмневыя прылады працы, шыфернае прасліца, кавалкі глінянай керамікі. Усе гэтыя сведкі даўніны глыбокай знойдзены на тэрыторыі вёсак Дараганаўскага с/Савета, што размешчаны на берагах ракі Пціч. Асіповіцкім гісторыкам і краязнаўцам В.П.Шчагловым падорана музею акамянелая ракавіна, якой больш 200 млн. гадоў. Знойдзеная каля в.Радуцічы, яна – сведчанне таго, што некалі на тэрыторыі Беларусі плёскаліся марскія хвалі. Апошняе паступленне ў гэты раздзел – невялікая каменная сякера, якой каля 2-х тысяч гадоў, знойдзеная жыхаром в.Радуцічы Аўдзейчыкам А.С. летам 2014г. на сваім падворку.
I I I "Н а р о д н ы я ў м е л ь ц ы”
У дадзеным раздзеле сабрана вялікая колькасць экспанатаў, вырабленых рукамі мясцовых жыхароў у розных жанрах мастацтва: салома - і лазапляценні, вышыўцы, ткацтве, жывапісе, чаканцы, разьбе па дрэву, макрамэ, мяккай цацкі і інш. Частка вітрын запоўнена вырабамі дзяцей з іншых школ раёна, атрыманых музеем у якасці падарункаў. Ёсць экспанаты нават з далёкай Мексікі, з Якуціі. Тут жа размешчаны экспазіцыі баністыкі, нумізматыкі. Экспануюцца самабытныя работы чаканкі па металу майстра з Дараганава В.Б.Ліхадзіеўскага, работы пляцення з лазы другога дараганаўскага ўмельца У.У.Еліна.
Асаблівы гонар і багацце гэтага раздзела – куток народнага майстра разьбы па дрэву І.І.Лізуры. Каля 30 сваіх каштоўных работ падарыў славуты скульптар музею. Гэта і пано-квінтэт, прысвечанае Ф.Скарыне, якое ўпрыгожвала выставу твораў народных майстроў у Парыжы, калі міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА адзначала 500-гадовы юбілей з дня нараджэння славутага беларуса, і ваза “Белавежская пушча”вышынёй 2 м.15см, і “Кот Баюн”, і “Сымон – музыка”, і Баба Яга ў ступе, і аўтапартрэт самога І.І.Лізуры, і шмат іншых непаўторных работ. На вялікі жаль, Ігар Іванавіч Лізура пайшоў з жыцця восенню 2014г.
Асобныя падраздзелы – “Нумізматыка” і “Баністыка”. Яны за мінулы год папоўніліся манетамі Расійскай імперыі сярэдзіны ХІХ ст. і манетамі ВКЛ.
Асобным раздзелам краязнаўчага музея можна лічыць і прымузейную тэрыторыю пад назвай “Сялянскі падворак”. Тут размешчаны: гаспадарчая пабудова – варыўня, павець, кузня, ток, макет ветранога млына, розныя віды калодзежаў і драўляных агароджаў. Знаходзіцца ў гэтым раздзеле і такі цікавы экспанат як двайны плуг на калёсах для пары коней або валоў. Ёсць нават самагонны апарат у разабраным стане.
IV "Ніхто не забыты, нішто не забыта.”
Раздзел “Ніхто не забыты, нішто не забыта” падраздзяляецца на некалькі частак: “Яны змагаліся за Радзіму”, “Выпускнікі нашай школы”, “Славутыя людзі нашай мясцовасці”, “З гісторыі мясцовых устаноў і прадпрыемстваў”, “Гэта было нядаўна, гэта было даўно”.
Падраздзел “Яны змагаліся за Радзіму” прысвечаны падзеям часоў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. У экспазіцыі гэтага аддзела шмат месца адведзена дзейнасці партызанскай брыгады №161 імя Катоўскага , што пэўны час дыслацыравалася ў нашых краях. Экспануюцца альбомы са шматлікімі фотаздымкамі і біяграфічнымі звесткамі, трохкутнічкі з фронту, перыядычныя выданні ваеннага часу, лістоўкі. Таксама тут захоўваюцца спісы загінуўшых на фронце, у партызанах, знішчаных фашыстамі мірных жыхароў. Аднавяскоўцы – франтавікі перадалі на захаванне шмат узнагарод. Па загаду Асіповіцкага РУА баявыя ўзнагароды перададзены ў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Я.Р.Раманава, засталіся ў экспазіцыі толькі юбілейныя ўзнагароды.
Пастаянна папаўняецца экспазіцыя з ваеннай амуніцыяй, рэшткамі зброі часу Вялікай Айчыннай вайны. Жыхар в. Каўгары Р.Шумін перадаў карту савецкай тэрыторыі, выдадзеную на нямецкай мове ў 1943г. У 2012- 2013 гг. гэты падраздзел папоўніўся шашкай кавалерыйскай для каманднага і начальствуючага саставу ўзору 1927 г. і фінансавымі дакументамі 214 паветрана-дэсантнай брыгады ваеннага часу са знойдзенага ў закінутым калодзежы вайсковага сейфа. І шашку, і дакументы перадала музею В.А.Зайцава, маці Андрэя Зайцава, які гэтыя дакументы знайшоў.
Шмат матэрыялаў прысвечана ахвярам фашысцкага генацыду. У архівах музея захоўваюцца ўспаміны М.В.Жарава, У.С.Свярдлова – былых вязняў Крынкаўскага лагера зняволення, створанага на месцы былога санаторыя; копіі допытаў паліцэйскіх з в. Дараганава і в. Крынкі. За апошні перыяд фонды музея папоўніліся ўспамінамі 14 сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны. Займаюць належнае месца ў экспазіцыі творчыя, пошукавыя і навукова – доследчыя работы вучняў школы. Асобна выдзелена экспазіцыя пра праведнікаў свету, ёсць граматы і медаль Праведніка свету. У 2014г. гэты раздзел папоўніўся іржавым кавалерыйскім карабінам без прыклада, знойдзеным у лесе каля в.Камарына вальшчыкамі лесу.
У падраздзеле “Выпускнікі нашай школы” знаходзіцца шмат фотаальбомаў, фотастэндаў і іншых дакументальных матэрыялаў пра былых вучняў нашай школы. Гэты падраздзел папаўняецца новымі фотаздымкамі і звесткамі пасля кожнай сустрэчы выпускнікоў школы.
Экспазіцыя “Славутыя людзі нашай мясцовасці” прадстаўлена матэрыяламі пра заслужанага настаўніка Беларусі Яшчака Ю.М.; заснавальніцу Дараганаўскага краязнаўчага Верашчаку З.Р.; настаўніка нашай школы, беларускага паэта Янку Непачаловіча; настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Дараганаўскай СШ, сястру народнага пісьменніка Беларусі Г.Ц.Лынькову; прафесара, доктара філалагічных навук Г.П.Тварановіч-Сеўрук; прафесара, доктара гістарычных і філасофскіх навук Г.М.Ліўшыца; кампазітара, кандыдата гістарычных навук, падпалкоўніка А.Р.Гурэвіча; паэтэсу, журналістку В.У.Вараб’ёву , мовазнаўцу, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі рэспублікі Беларусь Я.М.Рамановіч і многіх іншых.
На стэндах, прысвечаных гісторыі мясцовых прадпрыемстваў і ўстаноў, змяшчаюцца экспанаты пра Дараганаўскі дзіцячы дом і санаторна – лясную школу, Каўгарскі спіртзавод і калгас “Каўгарскі”, калгас імя Ульянава, мясцовыя бальніцу і аптэку. Ідзе падрыхтоўка стварэння выставы пра аграгарадок “Дараганава–Каўгары” і мясцовае лясніцтва.
На выставе “Гэта было нядаўна, гэта было даўно” сабраны матэрыялы эпохі будаўніцтва сацыялізма: сцягі, вымпелы, фотаздымкі, дакументы, значкі, камсамольскі білет 30-ых гадоў, гістарычны фотаздымак першых дараганаўскіх камсамольцаў, ксеракопіі аўтографаў У.І.Леніна з бібліятэкі ў Лондане (Вялікабрытанія), матэрыялы перапіскі з маці піянера – героя Колі Гойшыка, школьныя насценныя сатырычныя газеты 50 – 60-х гадоў мінулага стагоддзя і шмат іншых экспанатаў.