Форма входа

Поиск

Статистика


Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0




Пятница, 03.05.2024, 10:34
Приветствую Вас Гость | RSS
Дараганаўскі школьны комплексна-краязнаўчы музей
Главная | Регистрация | Вход
Асноўныя раздзелы экспазіцыі музея


               I  "Наша  мінуўшчына”

 

    

     Раздзел  падзелены  на  дзве  тэматычныя  часткі:

1)Рэчы  і  дакументы,  звязаныя  з  жыццём  і  дзейнасцю  сям’і  памешчыкаў  Дараганаў,  з  гісторыяй  пабудовы  чыгункі  ад  Асіповіч  да  Старых  Дарог.2)Жыццё  і  побыт  беларускага  сялянства  ў  канцы  XIX-пачатку  XX  стагоддзяў. 

 У  першай  частцы  размешчаны  рэчы,  якія  былі  выраблены  сталярамі  памешчыкаў  Дараганаў  пад  кіраўніцтвам  майстра  Зомбера    і  падараваны  Л.Ф.Дараган  сваім  пакаёўкам: Салянскай  і  Дражнюк.  Гэта  –  разны  буфет,  столік  і  два  крэслы,  пераплеценыя ратангам.  Знаходзіцца  тут  і  славутая  яловая  палка  для  хадзьбы  з  маёнтка  Восіпа  Дарагана.      Захоўваюцца  ў  гэтым  раздзеле  некалькі  цаглін  з  завода  Розенберга  з  Бабруйска  і  кафля  з  завода  Альфяровіча  з  Палтавы,  якія  выкарыстоўваліся  для  пабудовы  маёнтка  ў  Крынках. Экспануецца адзенне, стылізаванае пад  пачатак  XX  cт.; чыгуначны  звон,  які  вісеў  на  станцыі  Дараганава  да  1976 г.;  марцірка  ХVIIIст.,  з  якой  некалі  памешчыкі  наладжвалі святочныя  феерверкі;  дакументы,  карты  пачатку   ХХ ст. Нядаўна  гэты  раздзел  музея  папоўніўся  рэдкімі  экспанатамі: дагаворам   арэнды   1914   года,  які  заключылі   паміж  сабой   павераны  тайнага  саветніка  Івана  Фёдаравіча   Дарагана   Зімель  Л.А.  і  селянін  Сіманавіцкай  воласці  Я.А.Пазднякоў  на  арэнду  пляца  зямлі  ў  г.Асіповічы  Бабруйскага  уезда; круглым  металічным  знакам  з  выявай  герба Радзівілаў, якім  належала  наша  зямля з  1600г.  Апошні  паступіўшы  ў  гэты  раздзел экспанат –  бюст  Восіпа  Дарагана,  які  выразаў  з  ліпы  сын  доктара  філалагічных  навук,  выпускніцы  нашай  школы  Г.П. Тварановіч-Сеўрук  – кандыдат  геаграфічных  навук  Даніла  Тварановіч – Сеўрук.  Свой  падарунак  ён  прымеркаваў да  вечара  сустрэчы  выпускнікоў  у  2015 годзе.     

  Другая  частка  значна  большая.  У  ёй  сабраны  экспанаты,  якія  характарызуюць  працу,  быт  і  адпачынак  сялян у ХIX-першай палове  XXстст. Гэта прылады  працы, прадметы  побыту,  нацыянальнае адзенне. Па ўзорах нацыянальнага  адзення  з  экспазіцыі  Дараганаўскага  краязнаўчага  музея, быў створаны   асіповіцкі  строй,  які  прадстаўляў  наш раён у 2008 г.  на абласным семінары “Нацыянальнае адзенне Магілёўскай вобласці”. Стварылі касцюм майстры з раённага цэнтра традыцыйных промыслаў пад  кіраўніцтвам  Аляксандры  Рыбак, а прадстаўляў яго на семінары народны ансамбль “Вяселле” Каўгарскага сельскага клуба. І касцюм , і абарона яго атрымалі першае месца ў вобласці.  У 2009 г. Асіповіцкаму   цэнтру  народных  промыслаў  была  аказана   метадычная  дапамога  па  стварэнню  ўзораў  на  паясах  для  нацыянальнага  касцюма  Асіповіцкага  раёна.   Вытканыя  паясы  сталі  пераможцамі  ў  Магілёўскай  вобласці.

       Знаходзяцца ў гэтай частцы раздзела “Наша мінуўшчына” драўляная саха, драўляныя і каменныя жорны, кросны на каркасе і на козлах, стацыянарны гліняны лучнік.  У  нашай  мясцовасці  такі  лучнік  называецца  – светач,  перасвет.

У  2013 годзе  экспазіцыя   раздзела  папоўнілася  50-цю  экспанатамі,  34  з  якіх  падаравалі  Шчэрба  А.Р.  і  Пякуцька  М.А.   Апошнія  паступленні ў  гэты  раздзел:ручны бязмен,  падараны  Кірдуном А. А., саматканыя  дарожкі  для  падлогі, таптуха – прылада  для  лоўлі  рыбы.  Гэтыя  экспанаты  перадала жыхарка  в.Дараганава Кірдун  Г.А. Жыхар  в.Крынка Мірановіч  Я.П. перадаў дзве  самаробныя  плеценыя  карзіны  з  лазы,  якія папоўнілі  экспазіцыю  гэтага  раздзела.

       Экспазіцыя  раздзела  выкарыстоўваецца не  толькі  для правядзення  экскурсій, але і  для  музейных   урокаў,  фотасесій  удзельнікаў  народных  ансамбляў  раёна, для  запісаў іх  у  тэлеперадачах.

      I I     "П р ы р о д а   р о д н а г а   к р а ю”

 

     

У  раздзеле  “Прырода  роднага  краю” прадстаўлены  флора і  фауна  нашага  рэгіёна. У экспазіцыі  размешчаны  калекцыі насякомых, лекавых  раслін, значная  колькасць  чучалаў  птушак  і  жывёл ( дзік, алені, бабёр, барсук, тхор, норка, вавёркі, заяц, трус, арлы, чайкі, лысуха, турухтан, сойка і іншыя). Асобна  выдзелены куток “Бортніцтва ў  нашым  краі”, які ў апошні  час   папоўніўся  цікавымі  экспанатамі:  драўлянай  медагонкай і  самаробным  дымакурам, зробленым з  сумкі  нямецкага  працівагаза; экспануецца  бівень  маманта з гранітнага кар’ера  ў  Мікашэвічах;  каменныя  сякеры, рубілы,  крэмневыя  прылады  працы, шыфернае прасліца, кавалкі  глінянай  керамікі. Усе  гэтыя  сведкі  даўніны  глыбокай  знойдзены на  тэрыторыі  вёсак  Дараганаўскага  с/Савета, што  размешчаны  на  берагах ракі  Пціч. Асіповіцкім  гісторыкам  і  краязнаўцам  В.П.Шчагловым  падорана  музею  акамянелая  ракавіна, якой  больш  200 млн. гадоў. Знойдзеная каля  в.Радуцічы, яна – сведчанне  таго, што  некалі  на  тэрыторыі  Беларусі  плёскаліся  марскія  хвалі.  Апошняе  паступленне  ў  гэты  раздзел – невялікая  каменная  сякера,  якой  каля  2-х тысяч  гадоў,  знойдзеная  жыхаром  в.Радуцічы  Аўдзейчыкам А.С.  летам  2014г.  на  сваім  падворку. 

 

 

        I I I   "Н а р о д н ы я     ў м е л ь ц ы”

 

     

      У  дадзеным  раздзеле  сабрана  вялікая  колькасць экспанатаў, вырабленых  рукамі  мясцовых  жыхароў  у  розных  жанрах  мастацтва: салома - і  лазапляценні, вышыўцы, ткацтве, жывапісе, чаканцы, разьбе  па  дрэву, макрамэ, мяккай  цацкі  і  інш.  Частка вітрын  запоўнена  вырабамі  дзяцей  з  іншых  школ  раёна, атрыманых  музеем  у  якасці  падарункаў. Ёсць  экспанаты  нават  з  далёкай  Мексікі,  з  Якуціі.  Тут  жа  размешчаны  экспазіцыі  баністыкі,  нумізматыкі.  Экспануюцца  самабытныя  работы  чаканкі  па  металу  майстра  з  Дараганава  В.Б.Ліхадзіеўскага, работы  пляцення  з  лазы  другога  дараганаўскага  ўмельца  У.У.Еліна. 

      Асаблівы  гонар  і  багацце  гэтага  раздзела – куток народнага майстра  разьбы  па  дрэву  І.І.Лізуры.  Каля  30  сваіх  каштоўных  работ падарыў  славуты  скульптар  музею. Гэта  і  пано-квінтэт, прысвечанае  Ф.Скарыне, якое  ўпрыгожвала  выставу  твораў  народных  майстроў  у  Парыжы, калі  міжнародная  арганізацыя  ЮНЕСКА  адзначала  500-гадовы юбілей з  дня  нараджэння  славутага беларуса, і ваза “Белавежская пушча”вышынёй 2 м.15см, і “Кот Баюн”, і “Сымон – музыка”, і Баба  Яга  ў  ступе, і аўтапартрэт  самога  І.І.Лізуры, і шмат  іншых  непаўторных  работ. На  вялікі  жаль,  Ігар  Іванавіч  Лізура  пайшоў  з  жыцця  восенню  2014г.

      Асобныя  падраздзелы – “Нумізматыка” і “Баністыка”. Яны за  мінулы год папоўніліся  манетамі  Расійскай  імперыі  сярэдзіны  ХІХ ст. і  манетамі  ВКЛ.

      Асобным  раздзелам  краязнаўчага  музея  можна  лічыць  і  прымузейную  тэрыторыю  пад  назвай “Сялянскі  падворак”. Тут размешчаны: гаспадарчая  пабудова – варыўня, павець, кузня, ток, макет  ветранога  млына,  розныя  віды  калодзежаў  і  драўляных  агароджаў. Знаходзіцца ў гэтым  раздзеле  і  такі  цікавы  экспанат як двайны  плуг  на  калёсах  для  пары  коней  або  валоў.  Ёсць  нават  самагонны  апарат  у  разабраным  стане.

 

               IV  "Ніхто  не  забыты,  нішто  не  забыта.”

 

     

Раздзел  “Ніхто  не  забыты, нішто  не  забыта” падраздзяляецца  на  некалькі  частак: “Яны  змагаліся за  Радзіму”, “Выпускнікі  нашай  школы”, “Славутыя  людзі  нашай  мясцовасці”, “З  гісторыі  мясцовых  устаноў  і  прадпрыемстваў”, “Гэта  было  нядаўна, гэта  было  даўно”.

       Падраздзел  “Яны  змагаліся  за  Радзіму”  прысвечаны  падзеям  часоў  грамадзянскай  і  Вялікай  Айчыннай  войнаў.  У  экспазіцыі  гэтага  аддзела  шмат  месца  адведзена  дзейнасці  партызанскай  брыгады №161  імя  Катоўскага , што  пэўны  час  дыслацыравалася  ў  нашых  краях.  Экспануюцца  альбомы  са  шматлікімі  фотаздымкамі  і  біяграфічнымі  звесткамі,  трохкутнічкі  з  фронту,  перыядычныя  выданні  ваеннага  часу,  лістоўкі.  Таксама тут  захоўваюцца  спісы  загінуўшых  на  фронце,  у  партызанах,  знішчаных  фашыстамі  мірных  жыхароў.  Аднавяскоўцы – франтавікі  перадалі  на  захаванне  шмат  узнагарод.  Па  загаду  Асіповіцкага  РУА  баявыя  ўзнагароды  перададзены  ў  Магілёўскі  абласны  краязнаўчы  музей  імя  Я.Р.Раманава,  засталіся  ў  экспазіцыі  толькі  юбілейныя  ўзнагароды.

       Пастаянна  папаўняецца  экспазіцыя  з  ваеннай  амуніцыяй,  рэшткамі  зброі  часу  Вялікай  Айчыннай  вайны.   Жыхар в. Каўгары  Р.Шумін перадаў  карту  савецкай  тэрыторыі,  выдадзеную  на  нямецкай  мове  ў  1943г.    У 2012- 2013  гг.  гэты  падраздзел  папоўніўся  шашкай  кавалерыйскай  для  каманднага  і  начальствуючага  саставу  ўзору  1927 г.  і  фінансавымі  дакументамі  214  паветрана-дэсантнай  брыгады  ваеннага  часу  са  знойдзенага  ў  закінутым  калодзежы  вайсковага  сейфа.  І  шашку,  і  дакументы  перадала  музею  В.А.Зайцава,   маці  Андрэя  Зайцава,  які  гэтыя  дакументы  знайшоў.      

       Шмат  матэрыялаў  прысвечана  ахвярам  фашысцкага  генацыду.  У  архівах  музея  захоўваюцца  ўспаміны  М.В.Жарава,  У.С.Свярдлова – былых  вязняў  Крынкаўскага  лагера  зняволення,  створанага  на  месцы  былога  санаторыя;  копіі  допытаў  паліцэйскіх  з  в. Дараганава  і в. Крынкі. За  апошні  перыяд   фонды  музея  папоўніліся  ўспамінамі  14  сведкаў   падзей  Вялікай  Айчыннай  вайны.   Займаюць  належнае  месца  ў  экспазіцыі  творчыя,  пошукавыя і  навукова – доследчыя  работы  вучняў  школы.  Асобна  выдзелена  экспазіцыя  пра  праведнікаў  свету,  ёсць  граматы  і  медаль  Праведніка  свету.  У  2014г.  гэты  раздзел  папоўніўся  іржавым  кавалерыйскім  карабінам  без  прыклада,  знойдзеным  у  лесе  каля  в.Камарына  вальшчыкамі  лесу. 

        У   падраздзеле  “Выпускнікі  нашай  школы”  знаходзіцца  шмат  фотаальбомаў,  фотастэндаў  і  іншых  дакументальных  матэрыялаў  пра  былых  вучняў  нашай  школы.  Гэты  падраздзел  папаўняецца  новымі  фотаздымкамі  і  звесткамі  пасля  кожнай  сустрэчы  выпускнікоў  школы.

       Экспазіцыя “Славутыя  людзі  нашай  мясцовасці” прадстаўлена  матэрыяламі  пра заслужанага  настаўніка  Беларусі  Яшчака  Ю.М.; заснавальніцу  Дараганаўскага  краязнаўчага  Верашчаку  З.Р.; настаўніка  нашай  школы,  беларускага  паэта  Янку  Непачаловіча;  настаўніцу  беларускай  мовы  і  літаратуры Дараганаўскай СШ,  сястру  народнага  пісьменніка  Беларусі  Г.Ц.Лынькову; прафесара, доктара  філалагічных  навук  Г.П.Тварановіч-Сеўрук; прафесара, доктара  гістарычных  і  філасофскіх  навук Г.М.Ліўшыца; кампазітара, кандыдата  гістарычных  навук, падпалкоўніка  А.Р.Гурэвіча; паэтэсу, журналістку В.У.Вараб’ёву ,  мовазнаўцу,  лаўрэата  Дзяржаўнай  прэміі   СССР   і  Дзяржаўнай  прэміі  рэспублікі  Беларусь  Я.М.Рамановіч  і  многіх  іншых.

       На  стэндах,  прысвечаных  гісторыі  мясцовых  прадпрыемстваў  і  ўстаноў,  змяшчаюцца  экспанаты  пра  Дараганаўскі  дзіцячы  дом  і  санаторна – лясную  школу,  Каўгарскі  спіртзавод  і  калгас “Каўгарскі”,  калгас  імя  Ульянава, мясцовыя  бальніцу  і  аптэку.  Ідзе  падрыхтоўка  стварэння выставы  пра  аграгарадок  “Дараганава–Каўгары” і  мясцовае  лясніцтва.

       На  выставе “Гэта  было  нядаўна, гэта  было  даўно”  сабраны  матэрыялы  эпохі  будаўніцтва  сацыялізма: сцягі, вымпелы, фотаздымкі, дакументы,  значкі, камсамольскі  білет  30-ых  гадоў, гістарычны  фотаздымак  першых  дараганаўскіх  камсамольцаў,  ксеракопіі  аўтографаў  У.І.Леніна  з бібліятэкі  ў  Лондане (Вялікабрытанія), матэрыялы  перапіскі з  маці  піянера – героя  Колі  Гойшыка,  школьныя  насценныя  сатырычныя  газеты  50 – 60-х  гадоў мінулага  стагоддзя і  шмат  іншых  экспанатаў.

 


Copyright MyCorp © 2024